ДРУК ПАДПО́ЛЬНЫ ў Вялікую Айчынную вайну,
выданні, якія выпускалі ЦК КП(б)Б, падп. абласныя, міжраённыя, раённыя, парт. і камсамольскія к-ты, партыз. фарміраванні на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Асвятляў становішча на франтах, працу і жыццё насельніцтва ў тыле ворага, міжнар. падзеі. Першымі падп. выданнямі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні. З канца 1941 у Мінску падп. група А.А.Маркевіча друкавала лістоўкі, у студз.—жн. 1942 — малафарматную газ. «Патриот Родины» (выйшла 8 нумароў). Першым нелегальным друкаваным выданнем быў «Вестник Родины» Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Значнай з’явай у Д.п. быў выхад у маі—вер. 1942 4 нумароў газ. «Звязда» тыражом больш за 10 тыс. экз. (адноўлены ў студз. 1943). На тэр. Віцебскай вобл. ў прыфрантавой паласе друкавалася газ. «Віцебскі рабочы». У 1942 друкарскім спосабам выдаваліся 6 раённых, 1 міжраённая газета — органы Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падп. райкомаў КП(б)Б. Для ўзмацнення прапагандысцкай работы 15.12.1942 ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снеж. 1942 — студз. 1943 10 абл. і 50 раённых падп. друкарняў. У 1943—44 пачалі выходзіць абл. камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Мслодой партизан» Беластоцкага і «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л. партыз. брыгад «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага, 16-я Смаленская, выдавалі больш за 120 шматтыражных газет. Свае газеты выдавалі антыфашысцкія камітэты. У 1942—43 выходзілі 134 газеты. Усяго за перыяд акупацыі на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет. З-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыраж падп. газет вагаўся ад некалькіх соцень да тысячы і больш экз., розным быў і іх фармат. Падпольна друкаваліся і распаўсюджваліся звароты ЦК КП(б)Б і ўрада рэспублікі, паліторганаў Чырв. Арміі да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, у партыз. фарміраваннях — рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі; распаўсюджваліся і газеты, што выдаваліся ў сав. тыле «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», час. «Беларусь». У падп. газетах часта друкаваліся надзённыя творы бел. пісьменнікаў.
Літ.:
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Друк Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) // Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.
Т.Л.Напрэеў.
т. 6, с. 220